Пятніца, 29.03.2024, 16:41
Беларуская кнігаГалоўная

Рэгістрацыя

Уваход
Вітаю Вас Госць | RSS
Меню сайта
Падзелы
Кнігі [39]
Часопісы [0]
Аўдыё [1]
Навіны [10]
Галоўная » 2008 » Жнівень » 31 » УЛАДЗІМЕР АРЛОЎ: “ХАЧУ ВЫДАЦЬ КНІГУ БЕЛАРУСКАЙ ЛАЦІНКАЙ”
УЛАДЗІМЕР АРЛОЎ: “ХАЧУ ВЫДАЦЬ КНІГУ БЕЛАРУСКАЙ ЛАЦІНКАЙ”
11:27


25 жніўня Ўладзімеру Арлову споўнілася 55 гадоў. Аўтар больш трох дзясяткаў кнігаў апошнім часам аддае перавагу не традыцыйным папяровым фаліянтам, а маленькім гукавым літаратурным дыскам. Тлумачыць ён жаданьне выдаваць свае творы ў выглядзе аўдыёкнігаў тым, што сучаснаму чалавеку няма часу чытаць мастацкую літаратуру, а на дысках ён можа слухаць абраныя творы ў аўто, мэтро і нават у басэйне ці ў рэчцы. Што робіць і сам пісьменьнік, вандруючы ў гэтыя дні па азёрнай Віцебшчыне. Адтуль па тэлефоне ён адказаў на пытаньні карэспандэнткі радыё "Свабода" Алі Слобан.

Уладзімер Арлоў: “Нечакана зноў пачалі нараджацца вершы, якія, я спадзяюся, складуць новы паэтычны зборнік. Дарэчы, гэтую кнігу я хачу выдаць беларускай лацінкаю, каб такім чынам падтрымаць шматвекавую традыцыю нашай лацініцы. Адначасова гэта пэўным чынам засьведчыць і маю пазыцыю ў спрэчцы прыхільнікаў наркамаўкі і тарашкевіцы.

Апрача вершаў ёсьць і штодзённая праца над працягам нашай зь Зьмітром Герасімовічам кнігі “Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя”. Новае выданьне прысьвечана мінуламу Вялікага Княства Літоўскага, але яно не будзе абмяжоўвацца храналягічнымі межамі існаваньня дзяржавы нашых продкаў. Там будуць разьдзелы пра вызвольныя паўстаньні і пра спробу аднавіць княства ў 1812 годзе, пра ідэю канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага на пачатку ХХ стагодзьдзя і перадачу Віленшчыны Літве ў 1939 годзе, пра Вільню ў нашай культуры ХХ стагодзьдзя і пра сучасную прысутнасьць беларусаў у Літве
.

Арлоў: “Традыцыйная кніга нікуды ня зьнікне ні на нашым вяку, ні пасьля нас. Але, безумоўна, свае пазыцыі будзе заваёўваць і кніга ў іншых іпастасях. Якраз сёньня я атрымаў сыгнальны асобнік сваёй новай аўдыёкнігі гістарычных аповясьцяў і апавяданьняў “Сны імпэратара”. Гэта ўжо чацьвёртае выданьне маіх тэкстаў у такім фармаце. Раней былі “Час чумы”, “Адкуль наш род”, “Таямніцы полацкай гісторыі”. Неўзабаве выйдзе яшчэ “Ордэн Белай Мышы”, а на чарзе – аўдыёдыск “Паўстанцы”. Разам атрымаецца цэлая аўдыёбібліятэчка, за зьяўленьне якой я ўдзячны яшчэ зусім маладой фірме “Белтонмэдыя” і яе дырэктару Алесю Калошу. Дарэчы, “Таямніцы полацкай гісторыі” амаль адначасова выйшлі і ў традыцыйным фармаце, і як аўдыёкніга. І мне цікава, якая вэрсія пераможа ў гэтай своеасаблівай канкурэнцыі”.

Слобан: “Напісаўшы і выдаўшы не адзін дзясятак кнігаў, вы не перастаяце быць і адным з самых актыўных сярод беларускіх пісьменьнікаў чытачом. Чаго вам не хапае ў сучасным айчынным прыгожым пісьменстве?”

Арлоў: “Не хапае якаснай беларускай фантастыкі, не хапае перакладаў на беларускую сучасных сусьветных бэстсэлераў. Часта наведваючыся віленскія і варшаўскія кнігарні, я ціха зайздрошчу суседзям. Мару пра беларускі часопіс ці хаця б квартальнік кшталту ўкраінскага “Всесьвіту” або расейскай “Иностранной литературы”.

Слобан: “У адным зь інтэрвію вы сказалі, што шчасьлівым можа быць ці дурань ці вар’ят. Чаго вам не стае сёньня для адчуваньня поўнага шчасьця?”

Арлоў: “Трэба ўдакладніць: я сказаў, што толькі дурань або вар’ят можа быць шчасьлівым заўсёды. Спадзяюся, што мне да такога стану яшчэ далёка”.

Слобан: “Перад вашым пяцідзесяцігадовым юбілеем тагачасная кіраўнічка дзяржаўнага пісьменьніцкага холдынгу Таіса Бондар зьняла з нумару газэты “Літаратура і мастацтва” артыкул пра вашу творчасьць. А ці шмат прадстаўнікоў афіцыйнае прэсы зьвярнулася да вас па інтэрвію перад гэтым днём нараджэньня?”

Арлоў: “Мне здаецца, што мы з афіцыйнаю прэсай існуем у нейкіх паралельных сьветах. Я ведаю выданьні, дзе маё прозьвішча проста бязьлітасна выкрэсьліваецца, нават калі згадваецца ў якім-небудзь бяскрыўдным пераліку. Здараліся выпадкі, калі пільны рэдактар прозьвішча выкрасьліць, а назва маёй кнігі, што стаяла побач, ацалее. І тады чытач як быццам апынаецца перад загадкай: а хто ж гэтую кнігу напісаў? З прычыны гэтае паралельнасьці я зусім не пераймаюся. Тыя цэрбэры могуць толькі выкрэсьліваць, а напісаць нешта вартае, апроч палітычных даносаў, яны ня здольныя. Дый колькі б нясмачных для іх імёнаў яны не выкрэсьлівалі, якія б сьпісы нядобранадзейных ні складалі, якія б зьмены ў школьныя праграмы ні ўносілі, чытаць усё роўна будуць найперш якраз нядобранадзейных і нязручных. Мае “Таямніцы полацкай гісторыі” выйшлі шасьцю выданьнямі, кніжка “Адкуль наш род” – пяцьцю, я атрымаў мноства водгукаў на кніжку “Імёны Свабоды”, што пабачыла сьвет у “Бібліятэчцы Свабоды XXI стагодзьдзя”. Для афіцыйнай прэсы маіх кнігаў дый самога мяне сёньня як быццам не існуе, але і кнігі, і я сам існую для маіх чытачоў. І віншаваньне любога зь іх для мяне бязьмежна даражэй за віншаваньне якога-небудзь масьцітага рэдактара, які калоціцца за сваё крэсла”

Крыніца: радыё "Свабода"
Катэгорыя: Навіны | Праглядаў: 1326 | Дадаў: Mikola | Рэйтынг: 5.0/1 |
Форма увахода
Каляндар навін
«  Жнівень 2008  »
ПнАўСрЧцПтСбНд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Пошук
Сябры сайта
Статыстыка

Усяго онлайн: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0
Copyright Мікола © 2024