Пятніца, 29.03.2024, 13:56
Беларуская кнігаГалоўная

Рэгістрацыя

Уваход
Вітаю Вас Госць | RSS
Меню сайта
Падзелы
Кнігі [39]
Часопісы [0]
Аўдыё [1]
Навіны [10]
Галоўная » 2008 » Лістапад » 8 » Алесь Мазанік. Кніжны крызіс
Алесь Мазанік. Кніжны крызіс
13:20
Пры ўсім тым, што сёньня мы маем шмат выдавецтваў, якія тым ці іншым чынам радуюць нас кнігамі маладых, аднак ужо знакамітых пісьменьнікаў, а таксама перавыданьнямі клясыкаў беларускай літаратуры, сказаць, што белмоўная літаратура зьяўляецца рэнтабельнай ды запатрабаванай, нельга.

Асноўнай прычынай крызісу зьяўляецца тое, што беларускі пісьменьнік ня можа займацца выключна сваёй творчасьцю. Яму даводзіцца клапаціцца пра выданьне сваіх кніг (як правіла, аўтарам даводзіцца ўкладаць свае сродкі), а потым, калі кніга выходзіць з друку й аддаецца на рукі аўтару, і пра распаўсюд, ужо ня кажучы пра рэклямную кампанію, безь якой нават у буйных кнігарнях прадаецца па 5 асобнікаў на месяц у лепшым выпадку.

Хачу зазначыць, што лічу істотнейшым складнікам гэтага крызісу амаль поўную адсутнасьць мэнэджэраў, якія забясьпечвалі б прасоўваньне кніг на айчынны рынак. Дарэчы, пытаньне мэнэджэраў цяжкае таксама й для Беларусі ў цэлым.

Так, нехта скажа, што калі б былі спонсары, то ўсё было б добра, надрукавалі кнігу, разьмясьцілі па кнігарнях, і чакай на продажы. Аднак на справе ўсё значна складаней. Безумоўна, наяўнасьць спонсара грае пэўную ролю ў разьвіцьці таго ці іншага выданьня, але задача менавіта мэнэджэра ў тым, каб прасачыць, каб вокладка была яркая й запамінальная, а ва ўмовах беларускай рэчаіснасьці шчэ й паліткарэктная, рэкляма пра кнігу была ў сеціве, СМІ, кнігарнях праз разьмяшчэньне адмыслова створаных плякатаў, банэраў, каб пасьля выхаду ў сьвет ладзілася прэзэнтацыя, пажадана нават некалькі, як у сталіцы, так і ў рэгіёнах, а таксама адсочваньне наяўнасьці накладу ў крамах ды папаўненьне яго па меры неабходнасьці й распрацоўка маркетынгавых крокаў.

Найбольш выдатным праектам апошняга часу лічу кнігу А. Тараса «История имперских отношений: белорусы и русские», якая была так раскручаная, што магла б прадацца накладам не 150 як выйшла, а 1500, калі ня ўсе 15000, пры гэтым перавыданьне яе будзе, у лепшым выпадку ў канцы года, калі ажыятаж ужо спадзе, адпаведна, калі там будзе, напрыклад, 3000, то й гэта можа шчэ не прадацца нават за паўгады.

З удалых жа прыкладаў магу прывесьці «Фрашкі да пляшкі» С. Квяткоўскага, які здолеў граматна разрэклямаваць й прадаць наклад (1000) за год, хаця ягоная кніга досыць і досыць сьпецыфічная, так бы мовіць, для гурманаў.

Пытаньне рэгіёнаў для беларускай літаратуры асабліва цяжкае. І ў абласных цэнтрах, і ў невялікіх гарадах ёсьць аматары нашага слова, аднак вельмі мала ці зусім няма апошніх навінак, роўна як і майстроў беларускага слова. Напрыклад, «Найясьнейшая Рэч Паспалітая» (2007), І. П. Логвінаў, Менск, наклад 1000. Выдатная кніга па гісторыі, цэлы шэраг выбітнейшых пісьменьнікаў (Г. Сагановіч, А. Дзярновіч, С. Харэўскі), аднак мінула ўжо 1,5 гады, а наклад усё яшчэ ёсьць, хаця такога ўзроўню кніг пра РП за апошнія 10 гадоў можна пералічыць па пальцах. Ці іншы прыклад: А. Клінаў «Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца» (2008), І. П. Логвінаў, Менск, наклад 1000. Адзіная ў сваім родзе кніга-гід па Менску, ілюстраваная з фотаальбому таго ж аўтара, зноў-такі за год ня можа быць прададзена, я ўжо маўчу пра сам фотаальбом 2006 года з накладам 500 асобнікаў… Што да волатаў, дык магу прыгадаць «Доўгую дарогу дадому» Васіля Быкава 2004 года (перавыданьне) з накладам 3100, якой, напрыклад, няма нават у абласных цэнтрах, а ў лепшым выпадку можна знайсьці расейскамоўны варыянт.

Таксама хочацца закрануць пытаньне вокладак. Справа ў тым, што новыя кнігі нейкім чынам выходзяць з малазаўважным бакавым надпісам, а калі Вы ходзіце па менскіх кнігарнях, то лёгка заўважыць, што тварам стаіць мала кніг, большасьць – рассунуты па паліцах, дзе бакавая частка адыграе значную ролю. Да таго ж, некаторыя выдаўцы ставяць свае жаданьні вышэй за эканамічны й маральны разьлік. Маю на ўвазе хаця б нядаўняе перавыданьне «Сьцяны» Васіля Быкава з паўабваліўшайся Валадаркай ды часопіс ARCHE, што час ад часу зьмяшчае на вокладцы партрэт галоўнакамандуючага. Вядома, што такія кнігі не патрапляюць у кнігарні й бібліятэкі, а наклад, збольшага, застаецца на 50-75%.

Падводзячы вынік усяго напісанага, зазначу, што, на вялікі жаль, рабіць бізнес з белмоўнай літаратурай, казаць пра ейную рэнтабельнасьць вельмі цяжка, бо, няма адзінага месца, скуль маглі б дастаць айчынныя навінкі тыя прадпрымальнікі й арганізацыі, што імкнуцца займацца працай дзеля кішэні й душы, а нават калі кнігі й зьяўляюцца ў продажы, то попыт на іх пасрэдны, што абумоўліваецца малаінфармаванасьцю патэнцыйных пакупнікоў пра новую кнігу ды пра месца яе продажу.

Што тычыцца запатрабаванасьці, то я за некалькі гадоў працы заўважыў, што кантынгент, які набывае айчынную кніжную прадукцыю збольшага адзін і той жа, у год дадаецца 20-25% новых пакупнікоў, аднак, як правіла, гэта разавыя выпадкі: для напісаньня працы, падарунак сябру/cваякам/калегу, у найлепшым выпадку – жаданьне мець у сябе хаця б некалькі беларускамоўных кніг.

Аднак, нягледзячы ні на што, я ўпэўнены, што зь цягам часу мы здолеем перамагчы гэта крызіс, але дзеля гэтага кожны павінен зрабіць свой крок насустрач разьвіцьцю нашай літаратуры й мовы.

У якасьці дадатку прапаную сьпіс найбольш папулярных, на мой погляд, пісьменьнікаў-сучасьнікаў:
1. Уладзімер Арлоў;
2. Адам Глёбус;
3. Андрэй Хадановіч;
4. Артур Клінаў
5. Валянцін Акудовіч;
6. Рыгор Барадулін;
7. Юрый Бохан;
8. Міхась Чарняўскі;
9. Юры Туронак
10. Сяргей Харэўскі.

Матэрыял з http://naviny.by
Катэгорыя: Навіны | Праглядаў: 1079 | Дадаў: Mikola | Рэйтынг: 5.0/1 |
Форма увахода
Каляндар навін
«  Лістапад 2008  »
ПнАўСрЧцПтСбНд
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
Пошук
Сябры сайта
Статыстыка

Усяго онлайн: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0
Copyright Мікола © 2024