Чацвер, 28.03.2024, 21:24
Беларуская кнігаГалоўная

Рэгістрацыя

Уваход
Вітаю Вас Госць | RSS
Меню сайта
Падзелы
Кнігі [39]
Часопісы [0]
Аўдыё [1]
Навіны [10]
Галоўная » 2008 » Лістапад » 23 » Зміцер Вішнёў. Галіяфы, раман і шпіталі
Зміцер Вішнёў. Галіяфы, раман і шпіталі
09:31
1. Пра набалелае ўсур’ёз: Энтузіязм. Галіяфы. Ізраіль

Выжываць прыватнаму выдавецтву ў беларускіх умовах цяжка. Але неяк спрабуем змагацца з праблемамі. Не хочацца раскрываць ўсю творчую кухню «Галіяфаў». Гэта будзе нудна і нецікава для абывацеля. Скажу, што аўтараў, якія атабарыліся на сённяшні дзень вакол нашых праектаў прыкладна каля ста. Толькі на дадзены момант у распрацоўцы каля пяцідзесяці праектаў. Галоўная праблема банальная — недахоп грошаў. Пад кожнае выданне мы шукаем свае крыніцы. Ёсць кнігі, якія выходзяць за кошт аўтара, ёсць — за наш, часам мы скідваемся на выданне разам з аўтарам. Кожны праект — гэта свая песня. Распаўсюд кніжак па Беларусі паступова адладжваем. Спадзяюся, што с цягам часу нашыя справы будуць паляпшацца. Прынамсі літаратура, якую мы выдаем, запатрабаваная. Пастаянна тэлефануюць, пішуць — людзі пытаюцца пра нашыя кніжныя навінкі. На жаль, сайт: http://www.gоliafy.com пакуль працуе ў запаволеным рэжыме. Мяркуецца, што ў бліжэйшы час з’явіцца мадэратар і тады там можна будзе аператыўна адшукаць розную інфармацыю пра культурныя падзеі на Беларусі і ў свеце. Ну, і натуральна ўсё што звязанае з выдавецтвам «Галіяфы».

Цяпер у выдавецтве падводзім вынікі конкурса імя Паўлюка Шукайлы (вызначаюцца пераможцы па некалькіх намінацыях) — рукапісамі проста заваленыя! Хапае на Беларусі талентаў! І ўжо толькі гэтае кажа пра тое, што беларускую літаратуру і мову ў бліжэйшы час смерць не напаткае. Самае лепшае абавязкова выдадзім!

Маем цікавыя прапановы аб супрацоўніцтве ад польскіх і нямецкіх выдавецтваў. Увесну плануем правесці міжнародны літаратурны фестываль. Спадзяюся, што аўтары прыедуць з Нямеччыны, Швейцарыі, Чэхіі, Польшчы, Украіны, Расеі, Вугоршчыны…

Ну, што я магу сказаць? Акрамя добра вядомай кніжнай серыі «Другі фронт мастацтваў», якой я з сябрамі займаюся восем гадоў, мы запускаем некалькі новых. Пералічу некаторыя. Так, нядаўна выйшаў каталог рэпрадукцыяў мастака Алеся Родзіна ў серыі «Адсутнае беларускае мастацтва». Неўзабаве пабачаць свет дзве кнігі С. Мінскевіча і А. Бычкоўскага ў серыі «Калекцыя беларускай фантастыкі». Рыхтуецца серыя «Партрэты польскай літаратуры»(куратар Інэса Кур’ян). Для дзяцей — «Сланечнікі». Рыхтуецца разам с ізраільскім перакладчыкам і празаікам Барысам Герусам серыя ізраільскай літаратуры. З перакладчыцай Ірынай Герасімовіч распрацаўваем серыю нямецкай літаратуры «Германіка»…

2. Пра набалелае: Выступы. Раман. Анталогіі

Восень для мяне выдалася шалёнай. Многа выступаў. Браў удзел у двух міжнародных фестывалях на Украіне і Польшчы. Акрамя таго з прозай і паэзіяй выступаў ў самых розных клубах Кракава, чытаў лекцыю для студэнтаў Ягелонскага універсітэта. 25 лістапада выступаю ў Берліне ў «Кафэ Бургер», 27 лістапада — у Дрэздэне ў Літаратурным бюро Музея Эрыха Кестнэра. Потым нарэшце дахаты — у Менск.

Дапрацоўваю шматпакутны раман «Замак пабудаваны з крапівы». Ён ужо ёсць, але хочацца дашліфаваць пэўныя моманты. Удакладніць тое-сёе. Пэўныя кавалкі з яго ўжо былі прадстаўленыя на суд чэшскай, польскай і нямецкай публікі. Спадзяюся, што беларускі чытач зможа азнаёміцца з ім у наступным годзе.

Акрамя таго, цяпер даводзіцца займацца ажно двума анталогіямі. Курырую беларуска-нямецкую — з умоўнай назвай «Варштаты» і каардыную беларускі блок у беларуска-украінска-польскай анталогіі, што перакладаецца на іўрыт. Што датычыцца апошняй — гэта будзе унікальнае выданне! Пэўна, ўпершыню гэтак шырока будуць прадстаўленыя беларускія аўтары на іўрыце! Кніга выйдзе ў Тэль-Авіве.

3. Пра набалелалае: Жарты скрозь трансфармацыю ў жука

Выдавецкай дзейнасцю я займаюся ўсё жыццё. З нядаўняга часу разам з паэтам Міхасём Башурам робім «Галіяфы». І вось, зрэдку сядзіш так і думаеш, можа варта з гэтым завязваць? Анічога добра з гэтага не вынікае. Для ўласнай творчасці часу катастрафічна не стае… І па-першае, і па-другое, і па-пятае… А потым падумаеш-падумаеш і працягваеш займацца. Пэўна, мы — фанатакі беларускай культуры…

Якія былі першыя плёткі пра нашае выдавецтва? Толькі ўтварылі «Галіяфы», як ядразу распачаліся размовы, што ўсе аўтары серыі «Другі фронт мастацтваў» пераходзяць на новы від вопраткі — галіфэ. Потым другая тэма для размовы, што ўсе супрацоўнікі выдавецтва — габрэі. Бо чамусьці нашых жукоў «Галіяфаў» часцей за ўсё ўспрымаюць у ракурсе міфалогіі. Да прыкладу, неяк сустрэў на вуліцы крытыка Міхася Тычыну, той увогуле адмахнуўся ад мяне як ад каларадскага жука, маўляў, што можна чакаць ад Давіда і Галіяфа? Потым зрэдку жукоў Галіяфаў блытаюць з найбуйнейшай у свеце жабай! Але аматарка жабак паэтка Аксана Спрынчан вельмі цешылася з гэтай нагоды. Ну і потым не так даўно ў нас вышлі дзве кнігі, якія спрычыніліся да новых плётак. На вокладцы рамана «Бег» Аляксея Талстова — поўзаюць каладзкія жукі… А кніга паэзіі Аляксея Чубата правакуе назвай — «Гліняны чалавек». Адразу думаеш пра згаданую вышэй міфалогію… Раздумваеш пра Галіяфа і Давіда. Мы — жукі-правакатары!

4. Пра набалелае: Мне нудзіць

Мне асабіста надакучыла вычытваць пасажы ў прэсе пра тое, што беларуская літаратура загінаецца. Нясцерпна хочацца пляваць за падобныя выказванні ў твар. Надакучыла. Гэтая песня сёння ўжо не актуальная. Як і не актуальная песня пра смерць беларускай мовы. Ды не ўсё так кепска! І тлумачыць нешта апалагетам гэтай фантазіі мне нудзіць.

5. Пра набалелае: Адзін з варыянтаў творчага выжывання. Магчымыя жарты рэчаіснасці

Як вылячыцца ад фантазёраў-песімістаў? Як палепшыць культурную сітуацыю? Паразважаем.

Я вось думаю, што можна было б рабіць турыстычныя маршруты па беларускіх шпіталях. Пэўна, будзе вельмі рамантычна і запамінальна. Мастак Артур Клінаў мае вялікі досвед па распрацоўцы партызанскіх культурніцкіх маршрутаў. Ня так даўно ён стварыў «Малую падарожную кнігу па Горадзе Сонца». Магчыма, варта папрасіць маэстра, каб ён зрабіў ласку і прысвяціў свой новы бэстселер актуальнай шпітальнай тэматыцы? Файна было б мець на паліцы «Турыстычную мапу беларускіх шпіталяў Горада Сонца»! А ў якасьці першых турыстаў ў такія вандроўкі трэба выпраўляць беларускіх чыноўнікаў. І каб агляд быў запамінальным і займальным, варта гэтых пачэсных наведнікаў прымаць з ўсімі адпаведнымі атрыбутамі: піжама, халат, тэпці, каша мясцовага гатунку, працэдурныя кабінеты…

А пакуль у такія небяспечныя турыстычныя вандроўкі выпраўляюцца нашыя мілыя дзяўчаты. Ну як тут не згадаць пра фемінізм? Вось нядаўна ў прыватных інтэрнэт-дзённіках паначытаўся шпітальных прыгодаў пісьменніц Марыйкі Мартысевіч і Інэсы Кур’ян, і падумалася, што варта адзін з нумароў часопіса «Тэксты» прысвяціць гэтай актуальнай тэме. Шпіталь — гэта нешта сакральнае і яшчэ слаба даследванае. І рабіць такія даследванні, вядома, хочацца не на ўласным досведзе!.. Але што паробіш — часам даводзіцца… Гэта як у самалёце: ёсць першы клас — ёсць другі. Я вось думаю, няхай нашыя верныя сябры чыноўнікі браніруюць першы клас і адпаведна першымі… Бо яны любяць кафорт!.. Турыстычныя сцяжынкі для іх пратораныя творчымі асобамі. Мо гэта паўплывае і на культурны стан нашай краіны? Магчыма і беларуская літаратура памацнее? Га?
Катэгорыя: Навіны | Праглядаў: 1416 | Дадаў: Mikola | Рэйтынг: 0.0/0 |
Форма увахода
Каляндар навін
«  Лістапад 2008  »
ПнАўСрЧцПтСбНд
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
Пошук
Сябры сайта
Статыстыка

Усяго онлайн: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0
Copyright Мікола © 2024