Беларуская кнігаГалоўная

Рэгістрацыя

Уваход
Вітаю Вас Госць | RSS
Меню сайта
Падзелы
Кнігі [39]
Часопісы [0]
Аўдыё [1]
Навіны [10]

Вацлаў Юстынавіч Ластоўскі
(8 лістапада (27 кастрычніка па старым стылі) 1883 — 23 студзеня 1938) — беларускі пісьменьнік, гісторык, літаратуразнавец, публіцыст і палітычны дзеяч, адзін з пачынальнікаў нацыянальнага адраджэньня.

Нарадзіўся ў засьценку Калесьнікі Дзісенскага павету Віленскай губэрні (цяпер Глыбоцкі ці Мёрскі раён Віцебскай вобласьці) у сям'і безьзямельнага шляхціца. Скончыў на радзіме Пагосцкую пачатковую школу. Пасьля сканчэньня непрацяглы час вывучаў лацінскую мову ў свайго дзядзькі Франціша Ластоўскага.

У 1896 годзе, прайшоўшы пехатой 70 вёрстаў да чыгункі, Ластоўскі зьехаў у Вільню. Працаваў хлопчыкам на паслугах у віннай лаўцы, канцылярыстам у Шаўлях (Летува), бібліятэкарам у студэнцкай бібліятэцы ў Пецярбургу, дзе наведваў лекцыі ва ўнівэрсытэце. Уступіў у Польскую сацыялістычную партыю. Рабіў канторшчыкам на таварнай станцыі ў Рызе. Далучыўся да беларускага нацыянальнага грамадзкага і культурнага руху. У 1906—1908 гадах уваходзіў у Беларускую сацыялістычную грамаду. У 1906 быў арыштаваны за сацыялістычныю прапаганду і сядзеў некалькі месяцаў у турме.

Ад 1909 — сакратар рэдакцыі «Нашай Нівы» і загадчык першай беларускай кнігарні (па адрасе ў Вільні Завальная, 7), у 1916—1917 — рэдактар газэты «Гоман», у 1918 выдаваў газэту «Krywičanin». У канцы 1918 году ўзначаліў прадстаўніцтва ўраду БНР пры літоўскай Тарыбе, быў беларускім аташэ пры літоўскім пасольстве ў Бэрліне. З 1919 — у партыі беларускіх эсэраў, са сьнежня 1919 да красавіка 1923 узначальваў Раду міністраў БНР (быў прэм'ерам).

Удзельнічаў у арганізацыі антыпольскага партызанскага руху ў Заходняй Беларусі, быў старшынём Сувязі нацыянальна-дзяржаўнага вызваленьня Беларусі. Быў зьняволены польскімі ўладамі, у 1920 яму дазволена выехаць ў Летуву. У красавіку 1923 году выйшаў з ураду БНР і адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасьці. Выдаваў у Коўні літаратурна-навуковы часопіс «Крывіч» (1923—1927).

У красавіку 1926 пераехаў у БССР. У 1927 урад БССР дазволіў яму вярнуцца ў Менск. Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музэю. Ад 1928 году Вацлаў Ластоўскі — акадэмік і сакратар Інбелкульта і Акадэміі навук БССР.

У 1930 годзе, падчас экспэдыцыі ў Сыбір, Ластоўскага арыштавалі па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі», пазбавілі званьня акадэміка і саслалі на 5 гадоў у Саратаў. Там ён працаваў загадчыкам аддзелу рэдкай кнігі ва ўнівэрсытэцкай бібліятэцы. Паўторна арыштаваны ў 1937, прыгавораны да вышэйшай меры пакараньня. 23 студзеня 1938 году яго расстралялі. Па першым прыгаворы рэабілітаваны 10 чэрвеня 1988, па другім — у 1958.
Пошук
Форма ўваходу
Copyright Мікола © 2024