Беларуская кнігаГалоўная

Рэгістрацыя

Уваход
Вітаю Вас Госць | RSS
Меню сайта
Падзелы
Кнігі [39]
Часопісы [0]
Аўдыё [1]
Навіны [10]

Баршчэўскі Ян
(1790(94)-12.3. 1851)

Беларускі і польскі мысліцель, пісьменнік, выдавец, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры. Нарадзіўся ў в. Мурагі Полацкага пав. Віцебскай губ. ў сям'і збяднелага шляхціца. Вучыўся ў Полацкай езуіцкай калегіі, дзе набыў вядомасць чытальніка і вершапісца. Выступаў з уласнымі арацыямі і вершамі, напісаў у класічным стылі паэму "Пояс Венеры" (на польскай мове, не захавалася). Студэнцкія канікулы найчасцей праводзіў у вандроўках па наваколлі возера Нешчарда. Дзякуючы сваёй схільнасці да паэтычных экспромтаў быў жаданым госцем на сямейных урачыстасцях вясковай шляхты. Першыя вядомыя вершы, напісаныя па-беларуску - "Дзеванька" (прысвечаны каханай дзяўчыне Максімавічанцы) і "Бунт хлопаў" ("Рабункі мужыкоў", "Размова хлопаў"). Займаўся таксама жывапісам (маляваў пейзажы і карыкатуры, яго мастацкія творы карысталіся папулярнасцю сярод мясцовых жыхароў).
Перыяд пасля заканчэння Полацкай калегіі (1820-30-я гады) ахутаны рамантычна-легендарнай заслонай. Вядома, што Баршчэўскі доўгі час працаваў хатнім настаўнікам і гувернёрам у розных месцах. Потым трапіў у Пецярбург, дзе выкладаў грэчаскую і лацінскую мовы ў некалькіх дзяржаўных установах і сам вывучаў старажытныя літаратуры. Выконваючы даручэнні марскога ведамства, пабываў у Францыі, Англіі і Фінляндыі, падарожнічаў па Полаччыне і Мсціслаўшчыне. У Пецярбургу ён пазнаёміўся з А.Міцкевічам і Т.Шаўчэнкам, якія, мяркуючы па ўскосных звестках, высока ацанілі паэтычныя спробы маладога пісьменніка, падштурхнулі яго на шлях прафесійнай творчасці. Ю.Барташэвіч сцвярджаў нават, што А.Міцкевіч уласнай рукой правіў асобныя яго вершы.
У 1840-44 выдаваў у Пецярбургу штогадовы альманах "Niezabudkaа" ("Незабудка") з дапамогай літаратурнага гуртка выхадцаў пераважна з Беларусі. Падтрымліваў творчыя сувязі з членамі гуртка і яго карэспандэнтамі - журналістам і крытыкам Р.Падбярэскім, літаратуразнаўцам і гісторыкам Ю.Барташэвічам, мастакамі К. і Р. Жукоўскімі, фалькларыстам І.Храпавіцкім, пісьменнікамі Л.Штырмерам, В.Рэутам, Т.Лада-Заблоцкім, А.Грозам, В.Давідам, С.Ляховічам, А.Гротам-Спасоўскім. Сярод самых блізкіх сяброў Баршчэўскага пецярбургскага перыяду сучаснікі называлі Т.Шапялевіча, знаёмага з паэтам яшчэ з часоў вучобы ў Полацкай калегіі. Рэдкалегія часопіса мела кантакты з "Дэмакратычным таварыствам" (1836-38), прапагандавала (праз Ф.Лаўцэвіча) забароненыя патрыятычныя вершы. На старонках "Незабудкі" Баршчэўскі друкаваў пераважна вершаваныя апавяданні. Ад класіцызму паступова перайшоў да рамантызму. У 1843 у часопісе "Rocznik literacki" ("Літаратурны штогоднік") упершыню надрукаваны яго беларускія вершы - "Дзеванька", "Гарэліца", апрацаваная народная песня "Зязюля". У 1844-46 выдаў свой галоўны твор - празаічны зборнік "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях" (т. 1-4, на польскай мове, гравюры Р. Жукоўскага), асобныя часткі якога раней друкаваліся ў часопісе "Rubon" ("Рубон"). Матэрыяльную дапамогу ў выданні кніг Баршчэўскаму аказаў віленскі пісьменнік А.Здановіч. Па невядомых прычынах не выйшлі падрыхтаваныя аўтарам 5-ы і 6-ы тамы. Творы, сабраныя ў зборніку, напісаны пад відавочным уплывам беларускага фальклору. У сярэдзіне 1840-х гадоў [1847(?)] па запрашэнні польскага пісьменніка Г.Жавускага і крытыка М.Грабоўскага Баршчэўскі пераехаў у г. Чуднаў на Валыншчыну. Пасяліўся ў доме графіні Ю.Жавускай, дзе жыў і вядомы мастак-графік Н.Орда. Падтрымліваў блізкія адносіны з польскім паэтам і перакладчыкам К.Пятроўскім і доктарам Г.Кёлерам, збіраў матэрыялы пра археалагічныя аб'екты, падарожнічаў. У 1849 выдаў у Кіеве 1-ю частку зборніка "Проза і вершы" (на польскай мове), куды ўвайшлі балады, паэма "Жыццё сіраты", аповесць "Душа не ў сваім целе".
У канцы 1840-х гадоў захварэў на сухоты і пасля працяглай хваробы памёр. Пахаваны ў г.Чуднаў. Баршчэўскі займае надзвычай важнае месца ў гісторыі мастацкай культуры беларускага народа. На працягу ўсёй творчасці кіраваўся рамантычна-ўзнёслым пачуццём любові да роднага краю. Як рамантык аддаваў перавагу выключным, святочным і трагічным аспектам вясковага жыцця, чым тлумачацца асобныя праявы старашляхецкага кансерватызму, ідэалізацыі мінулай вольнасці і дабрачыннасці.
Яго беларускія творы напісаны ў фальклорным стылі, маюць павучальны ці бурлескна-рэалістычны характар. Творы Баршчэўскага распаўсюджваліся ў рукапісах або вусным шляхам як народныя. Верш "Бунт хлопаў" трапіў у фальклорныя запісы А. Семянтоўскага i П.Шэйна, зробленыя ў канцы 19 ст. У чытанні і перапісванні гэтага твора абвінавачваўся П.Багрым.
Пошук
Форма ўваходу
Copyright Мікола © 2024